10 фактаў пра Алеся Бяляцкага

Спадар Бяляцкі адзначыў за кратамі 5 дзён народзінаў і 2 юбілеі. 5 разоў станавіўся кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру і ўрэшце яе атрымаў, знаходзячыся ў беларускіх засценках. Прасочым яго жыццё ў дзесяці фактах

"Історична правда" републікує статтю Ганни Ермаковіч "Лаўрэат Нобелеўскай прэміі, праваабаронца, палітвязень. 10 фактаў пра Алеся Бяляцкага" з люб'язного дозволу сайту Новы Час.



1. У студэнцтве Алесь Бяляцкі "збеларусіўся канчаткова і беспаваротна"

У 1980-х будучы праваабаронца навучаўся на гісторыка-філалагічным факультэце ў Гомелі. У 1981-м, перайшоўшы на трэці курс, Алесь Бяляцкі разам з сябрам Едрусем Акуліным прынялі рашэнне размаўляць па-беларуску. 

"Яму было прасцей, ён вярнуўся да мовы, роднай яму з дзяцінства, дадаўшы да яе набыты запас літаратурных слоў, мне — складаней, бо ўсе свае дзевятнаццаць гадоў я быў прадуктам русіфікацыі і размаўляў па-руску. Але дзесьці ўжо праз месяц асноўныя праблемы ў маўленні я пераадолеў", — узгадвае Бяляцкі той перыяд у кнізе "Бой з сабой", тэкст якой пераважна быў напісаны падчас заняволення ў бабруйскай калоніі.

 

Спадар Алесь узгадвае, што іншыя студэнты ахвотна размаўлялі з імі па-беларуску, але ж заставаліся двухмоўнымі, у той час як Бяляцкі з Акуліным выкарыстоўвалі выключна мову нават на лекцыях па рускай літаратуры. "Мы збеларусіліся канчаткова і беспаваротна.

Мне неўтаймавана хацелася ўплываць на іншых людзей, папулярызаваць беларускую мову, уздымаць нацыянальную свядомасць. Да гэтага натуральнага асветніцтва, адраджэнскага шляху падахвочвалі і наладжаныя мной кантакты са свядомымі беларускімі студэнтамі-менчукамі Вінцуком Вячоркам ды іншымі.

Мне тады ўяўлялася, што мы, як актыўныя атамы, піхаючы, расштурхоўваючы іншых, перадаючы ім свой беларускі станоўчы зарад, непазбежна выклічам ланцуговую рэакцыю, якая прывядзе да ўтварэння моцнай беларускай свядомай інтэлігенцыі, а тая, у сваю чаргу, усвядоміць шырокія масы простага народа. … На гэта не шкода было пакласці сваё жыццё", — піша Алесь Бяляцкі.

2. У 1981-м разам с сябрамі заснаваў "студэнцкую рок-банду"

"Нашая беларускасць, якая праразалася, як зубкі ў малога дзіцяці, патрабавала выйсця, і музыка была такім натуральным рэчышчам-формай, а беларускія тэксты — зместам", — тлумачыць праваабаронца. Візітоўнай карткай беларускацэнтрычнага рок-гурта, што складаўся з трох гітар, бубнаў і голасу, была хуліганістая песня з пераканаўчым тэкстам: "Толькі так! Свой трымай кірунак! Толькі так! У гэтым наш ратунак! Толькі так!".

 

Студэнцкі рок-гурт "Баскі"

Дарэчы, на першым публічным выступе гурта, што адбыўся на вяселлі сябра яго ўдзельнікаў, Алесь Бяляцкі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Наталляй Пінчук.

"Падчас танцаў пад магнітафон я пазнаёміўся з адной дзяўчынай у крэмавай сукенцы з кароткім рукавом, з коратка падстрыжанымі кучаравымі чорнымі валасамі. Мы таньчылі некалькі разоў пад павольную музыку. Як толькі гучаў павольны танец, я шукаў вачыма яе ў натоўпе, падыходзіў і запрашаў.

Яна ўсмешліва пагаджалася, і цяпер ужо пад нашымі нагамі мякка калывалася зямля. Позна ўвечары, калі госці паступова пачалі разыходзіцца, я павёў праводзіць яе дахаты. Яе звалі Наталля, ёй было 18 гадоў, яна была стрыечнай сястрой маладога, таму і прыйшла на вяселле. Яна вучылася ў лоеўскай педвучэльні на настаўніцу малодшых класаў.

Мы прагулялі па ціхіх цёмных лоеўскіх вулічках і працалаваліся ўсю ноч. Наталля была ціхай і маўклівай, усё больш пасміхалася, гаварыў пераважна я і пра штосьці ў яе распытваў", — узгадвае вечар знаёмства з жанчынай свайго жыцця спадар Алесь.

 

Алесь Бяляцкі з жонкай Наталляй, 1984

3. 9 гадоў (1989—1998) узначальваў Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Сваё назначэнне на ганаровую пасаду дырэктара рэспубліканскага літаратурнага музея Алесь Бяляцкі каментаваў так: "Гэта рэальнасць пакуль што яшчэ нясмелых дэмакратычных змен, якія прыйшлі ў нашае жыццё. Прыйшоў я на дырэктарства з пасады малодшага навуковага супрацоўніка па конкурсе. І вельмі здзівіўся, калі быў абраны калектывам адзінагалосна".

На момант назначэння за плячыма Бяляцкага было членства ў аргкамітэце БНФ, а пазней і ў Сойме Фронта, была арганізацыя мітынга-рэквіема "Дзяды", што стаў таксама і днём памяці рэпрэсаваных у перыяд таталітарызму, а таксама шмат іншых момантаў біяграфіі, якія маглі стаць сур'ёзнымі перашкодамі на шляху да высокай пасады, але не сталі.

 

Затрыманне Алеся Бяляцкага ў 1988 годзе

4. Дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў (1991—1996)

Алесь Бяляцкі быў вылучаны кандыдатам у народныя дэпутаты калектывам музея Максіма Багдановіча і часопіса "Спадчына". Сярод дваццаці пунктаў перадвыбарчай праграмы спадара Бяляцкага былі, напрыклад, такія: 

"За вярхоўную волю народа, які праз дэмакратычна абраных дэпутатаў павінен сам вырашаць свой лёс. Нам трэба ўсвядоміць, што ад нас і толькі залежыць будучыня нашых дзяцей, нашай Беларусі"; "Супраць манаполіі на ўладу і ідэалогію і партыйнай бюракратыі. Мы не павінны дазваляць кіраваць намі праз нашыя галовы"; "За карэнную змену адукацыі ў бок яе гуманізацыі, дэідэалагізацыі і разнастайнасці формаў навучання".

Перадвыбарчая ўлётка Алеся Бяляцкага
Перадвыбарчая ўлётка Алеся Бяляцкага

5. Адзін з арганізатараў супольнасці "Беларуская каталіцкая грамада"

Створаная ў 1990 годзе грамадская арганізацыя каталікоў Беларусі вызначала асноўнымі кірункамі дзейнасці вяртанне беларускага касцёла да нацыянальных вытокаў і забеспячэнне паўнапраўнага функцыянавання ў ім беларускай мовы, а таксама падтрымлівала сувязі з каталіцкімі арганізацыямі замежжа.

6. Арганізаваў і ўзначаліў праваабарончую арганізацыю "Вясна" ў 1996 годзе, кіруе ёй дагэтуль 

26 гадоў таму, у год, калі Лукашэнка правёў ганебны рэферэндум, канчаткова прадэманстраваўшы свае аўтарытарная намеры, Алесь Бяляцкі заснаваў найбуйнейшую беларускую праваабарончую арганізацыю. На працягу ўсяго часу яе існавання дзяржава аказвала ціск на супрацоўнікаў, пазбаўляла магчымасці стабільнай, легальнай праваабарончай дзейнасці, а ў 2021 годзе ўвогуле ўнесла інфармацыйную прадукцыю "Вясны" ў ганаровы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У 2020 годзе тысячы беларусаў сачылі за спісамі затрыманых на сайце праваабарончага цэнтра, каб даведацца, дзе іх блізкія і ў якім яны стане. Спісы "Вясны", на жаль, не перасталі быць актуальнымі дагэтуль. Штодня на сайце з'яўляюцца новыя твары годных беларусаў-палітвязняў.

Сярод іншых палітвязняў на сайце можна ўбачыць партрэт кіраўніка праваабарончага цэнтра Алеся Бяляцкага, які быў затрыманы ў ліпені 2021 года, у перыяд пагрому грамадскіх арганізацый. Дата суда над спадаром Бяляцкім не прызначана дагэтуль.

7. Вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру 5 разоў!

За актыўную барацьбу за правы чалавека ў Беларусі і свеце Алесь Бяляцкі быў узнагароджаны шматлікімі ганаровымі прэміямі. У 2006 годзе прэмію Homo Homini спадару Бяляцкаму ўручаў асабіста Вацлаў Гавэл. У 2012 годзе кіраўнік "Вясны", знаходзячыся ў зняволенні, артымаў прэмію Леха Валенсы ў Гданьску.

А ў 2020 годзе Бяляцкі разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай апазіцыі быў узнагароджаны прэміяй імя Андрэя Сахарава. Таксама Алесь Бяляцкі — адзіны беларус, які некалькі разоў быў за крок ад атрымання Нобелеўскай прэміі міру. У 2022 годзе нарэшце атрымаў узнагароду!

 
Алесь Бяляцкі

8. Cустрэў 5 дзён народзінаў і 2 юбілеі за беларускімі кратамі

Вышэй былі пералічаны толькі некалькі пунктаў з доўгага спісу ўзнагарод, якімі свет ушаноўваў годную дзейнасць беларускага праваабаронцы, у той час як родная дзяржава ўзнагароджвала яго толькі новымі арыштамі, пакараннямі і пагаршэннем і без таго невыносных умоў утрымання за кратамі.

Сваё 50-годдзе ў 2012-м спадар Алесь адзначаў у зняволенні. У гэты дзень яго жонка Наталля Пінчук атрымала за мужа прэмію Дзярждэпа ЗША. Кіраўнік дыпмісіі Лі Фэйнстэйн зачытаў жонцы палітвязня ліст Хілары Клінтан, у якім было адзначана, што Алесь Бяляцкі быў узнагароджаны за свае дасягненні, мэтанакіраванасць і мужнасць.

9. Ганаровы грамадзянін Генуі, Парыжа і Сіракузы

Ганаровае пасведчанне грамадзяніна Генуі ў 2010 годзе Бяляцкаму ўручыла мэр Генуі Марта Вінцэзі. Такім чынам Італія выказала сваю занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. У розныя гады ганаровымі грамадзянамі Генуі станавіліся Міхаіл Гарбачоў, Лех Валенса, Шымон Перэс.

У 2014 годзе гэтым жа чынам сваю павагу беларускаму праваабаронцу выказаў яшчэ адзін італьянскі горад — Сіракуза (рэгіён Сіцылія). Дэпутаты палічылі, што спадар Алесь "у поўнай меры ўпісваецца і адпавядае" культурным традыцыям горада Сіракуза, які быў абвешчаны "горадам міру і правоў чалавека".

А ў 2021 годзе Алесь Бяляцкі становіцца ганаровым грамадзянінам Парыжа. У паведамленні парыжскай мэрыі адзначалася, што спадар Бяляцкі "нястомна змагаўся за правы чалавека, нягледзячы на пагрозы і кампанію дэзынфармацыі з боку дзяржавы".

10. Свет адзначае міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі 4 жніўня — у дзень арышту Алеся Бяляцкага ў 2011 годзе

Тады кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" абвінавацілі ва "ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры" і асудзілі да 4,5 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці.

Гэта абвінавачанне абурыла міжнародную супольнасць. У заяве віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі адзначалася: "Мы лічым, што абвінавачанні, па якіх судзяць Алеся Бяляцкага — палітычна матываваная падстава, каб стварыць перашкоды для ягонай важнай працы па падтрымцы ахвяр рэпрэсій. Гэты судовы працэс з'яўляецца надзвычай адметнай і сімвалічнай праявай падаўлення грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Мы заклікаем Беларусь неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага і зняць абвінавачанні супраць яго і яго намесніка Валянціна Стэфановіча".

Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 жніўня 2014 года. Ён правёў за кратамі тры гады. 4 жніўня, у дзень затрымання беларускага праваабаронцы, па ўсім свеце дагэтуль праходзяць акцыі салідарнасці з беларусамі.






Клим Семенюк мав з Василем Стусом одного слідчого та Медведчука за адвоката, але не були особисто знайомі

Ми боремось за нашу незалежність сьогодні, оскільки попередні покоління боролися за неї та зрештою її здобули. Із загальної кількості репресованих українців багато абсолютно невинних людей, які навіть і не думали про вільну Україну. Про ту, яку думав Клим Семенюк. Саме завдяки йому і таким, як він, ми маємо за що боротися зараз.

Випускник Лубенської гімназії, видатний правник УНР: до 160-річчя Сергія Шелухіна

6 жовтня минула 160-та річниця з дня народження Сергія Шелухіна – соратника Симона Петлюри, Генерального судді УНР, міністра судових справ УНР, юриста-правника, Генерального прокурора у добу Центральної Ради, письменника, історика та дипломата, учасника п'яти наукових товариств, обстоювача автокефального статусу Православної Церкви України, громадського і політичного діяча.

До питання правового статусу Східної Галичини у 1918-1939 роках

Встановлення Польщею контролю над територією Східної Галичини у період після листопада 1918 року відбулося внаслідок здійснення Польщею агресії проти ЗУНР, окупації та подальшої анексії Східної Галичини.

Закордонне представництво УГВР. "Америка нам допоможе!"

Після того, як органи нквс урср у 1944 році отримали інформацію про створення Української Головної Визвольної Ради (УГВР) і захопили протоколи установчих зборів цього повстанського тимчасового парламенту або уряду воюючої України, перед ними постало завдання знайти всіх його активних діячів. Але пошуки на українських теренах виявилися марними.